Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
36 из 45
У неадчэпна пакутлiвых эратычных снах я авалодваў яе загарэлым i пругкiм маленькiм целам, а прыехаўшы на зiмовыя студэнцкiя вакацыi, апынуўся на мяжы вар'яцтва: чакаў дзяўчо пасля ўрокаў каля школы, iшоў следамда яе дома, высачыў, калi яна плавае ўвечары ў басейне, i пачаў хадзiць туды ў той самы час... Не сказаў бы, што планы, якiя нараджалiся ў маiм распаленым жарсцю розуме, былi фантастычныя. Небяспека падкралася зусiм блiзка, але, на шчасце, вакацыi скончылiся, а ў студэнцкiм iнтэрнаце прыйшло выратаванне ў вобразе шчодралюбнай аднакурснiцы - беларускай татаркi Фацiмы. Пасля выпiтых у дзень стыпендыi дзвюх шклянак вiна яна гатовая была ратаваць каго заўгодна, аднак якраз такая жанчына ў той час i аказалася для мяне незаменнаю.
Я вяртаўся ад стойкi з новай порцыяй лiкёру i сам ператвараўся ў слухача, уяўляючы гэткую ж, як i мая, цiхую гарадскую вулiцу твайго дзяцiнства, дзе таксама цвiлi яблынi i пасвiлiся козы. Нiзкае вакно твайго вузенькага, нiбы пенал, пакойчыка ўпiралася ў сабачую будку, i ўлетку, з-за пахаў, яго лепей было трымаць наглуха зачыненым. Калi мацi працавала ў начную змену, бацька не тоячыся прыводзiў жанчын i ты ўсё чула праз тонкую перабойку, а часам i сутыкалася з распранутай госцяю ў калiдорчыку. Праз гэта, сцвярджала ты, у цябе доўга захоўваўся iмунiтэт супроць блiзкасцi з мужчынамi.
Пад ложкам у пакойчыку-пенале стаяла скрынка з кардоннымi лялькамi, якiм ты выразала з паперы кофтачкi i спаднiчкi. Твае самаробныя цацкi настолькi кранулi мяне, што я вырашыў на дзень нараджэння падараваць табе самую дарагую ляльку ў шыкоўным строi...
Калi мы не сустракалiся цэлы тыдзень, вечар у кавярнi быў прысвечаны снам.
|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|