Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
34 из 45
Тады мне ўпершыню i ўзгадаўся той верш:
Я gеnius lосi*, я помню дзяцiнства
Гэтага горада, гэтае песнi.
Шкада, калi не ўваскрэсне
Маё i тваё адзiнства...
* Генiй месца (лац.).
Мы абое калiсьцi вучылi лацiну. Табе з выкладчыкам пашанцавала, вiдаць, болей, бо ты прапанавала вымаўляць "с" не паводле сярэднявечных правiлаў, як "цэ", а ў адпаведнасцi з антычнай традыцыяй, як "ка".
Сутнасць, вядома, была не ў правiльным маўленнi.
У маленстве пасля такiх, як у той вечар, пролiўняў мы, полацкiя хлапчукi, неадменна беглi на бераг Дзвiны, каб знайсцi каля Верхняга замка вымытую са жвiру манету. Наша лiпеньская залева здзейснiла нешта падобнае, прыадкрыўшы адказ на пытанне: што альбо хто зводзiў у кавярнi ўсiх нас, уладна i бесцырымонна пазычаючы ў iншага, больш адпаведнага кожнаму асяроддзя?
Я gеnius lосi, я помню дзяцiнства...
Ён не проста збiраў нас. Раз-пораз ён штукарыў з часам: гэта анi не залежала ад колькасцi выпiтага - бывала, у нас у кiшэнях гуляў вецер i мы абмяжоўвалiся параю кубачкаў кавы, але фiзiчна адчувалi, што час запавольваецца i пляце, як заяц на снезе, карункi петляў, а потым, апамятаўшыся, вяртаецца ў рэчышча кананiчных паводзiнаў i паспешлiва навёрствае ўсё, страчанае на нядаўнiя прыхамацi.
Кавярня прымушала зусiм iначай працаваць памяць, парушаючы яе павуцiнавы спакой вострымi скавышамi i выцягваючы з пыльнага хлуду забытыя або, наадварот, старанна схаваныя рэчы.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|