Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
39 из 45
Пацягваючы мiндалевы лiкёр, мы прыйшлi да высновы, што калi ты ўзняўся над раслiннымiснаваннем, то мусiш зразумець адную элементарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны - незалежна ад уласнай волi - прызначаны цi асуджаны iграць нейкую ролю, у выкананнi якой i схаваны сэнс жыцця. У вайне з хронасам нiхто не пераможа, але той, хто ўсвядомiў свой абавязак i злiўся з роллю, узброены лепей.
Зрэшты, наша ўнiверсальная выснова не замiнала ролям, якiя мы выконвалi ў вечаровых гульнях - то легкадумных, то з афарбоўкаю драматызму - бо па натуры мы абое нарадзiлiся гульцамi.
Памятаеш, была гульня ў "Аўстралiю"? Мы як быццам эмiгравалi туды, у штат Вiкторыю, i разводзiлi на ферме кенгуру. За ранiшняй кавай ты выказвала спадзяванне, што сёння я нарэшце пастрыгу газоны, а я iмкнуўся падмянiць гэтую ненавiсную працэдуру вяртаннем на другi паверх, у спальню. З яе вакна адкрываўся вiд на далёкiя горы, а на сцяне вiсела захопленае ў эмiграцыю авальнае, уштукаванае ў плеценую з лазы асаду люстра, перад якiм аднойчы, яшчэ да ад'езду ў Аўстралiю, мы любiлiся, стоячы ў сонечных промнях, i раптам, на краi той хвiлi, калi целы падпарадкоўваюцца ўжо не розуму, а толькi самiм сабе, мне здалося, што на падлозе знiклi нашы ценi, а значыць, i самi целы...
"Давай я буду жонкаю Скарыны, а ты - вiленскiм бурмiстрам i паспрабуеш мяне спакусiць", - прапаноўвала ты альбо пагаджалася на ролю цiхмянае манашкi, якая даглядае ў патайным пакоi кляштарнага шпiталя параненага паўстанца.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|