Genius loci (на белорусском языке)   ::   Орлов Владимир (2)

Страница: 40 из 45



Але такiя гульнi напраўду вымагалi не столiка ў кавярнi, а патайных пакояў, i мы пераключалiся на iнквiзiцыю. Распрацоўваўся сюжэт, калi я кахаў цябе, а ты адказала ўзаемнасцю iншаму i я, аслеплены рэўнасцю, страчыў данос, што ты кахаешся з д'яблам, якi з'яўляецца да цябе ў спачывальню, набываючы аблiчча чорнага ката з хвастом, што можа тройчы абкруцiць цябе вакол талii. Ты чытала "Молат ведзьмаў", а таму даволi ўпэўнена пачувалася ў ролi падследнай, калi на допыце я змушаў цябе даць падрабязнае апiсанне вядзьмарскага шабасу.

Вiдаць, ты заявiш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню "Тытанiк". Гэтую гульню мы вынайшлi, пагартаўшы ў скульптара Колi замежны альбом з малюнкамi i фотаздымкамi славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў i рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялi ў нашай каюце, i толькi потым падымалiся на палубу кавярнi, дзе панаваў спакой i нiхто не здагадваўся, што плаванне няўхiльна наблiжаецца да вусцiшнай развязкi.

"Тытанiк" тануў, на тросах плылi ўнiз шлюпкi з ахопленымi жахам людзьмi, i тут хтосьцi з iх убачыў у асветленым iлюмiнатары маладых мужчыну i жанчыну, якiя, забыўшы пра ўсё на свеце, пяшчотна i страсна любiлi адно аднаго. Гэтая пара, думалi ў шлюпцы, проста не чула, што здарылася з караблём, але ў сапраўднасцi яны ўсё ведалi i замест штурханiны ў азвярэлым натоўпе i гiбелi ў ледзяных хвалях выбралi светлую цёплую каюту i тыя iмгненнi, калi целы i душы ператвараюцца ў адну непадзельную сутнасць, злiваючыся з вечнасцю.

|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]