Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
8 из 45
Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.
Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.
Улюбёным слаўцом ягонага лексiкону была, як ты памятаеш, "жопа". Па "жопе" ён страляў з табельнай зброi, калi парушальнiк кiдаўся наўцёкi. Па "жопе" лупцаваў службовай папругаю сына-двоечнiка. Iншага слова не знаходзiлася i для жонкi, якой не дадзена было спасцiгнуць тайнiцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьцi не шукаў сабе сабутэльнiкаў у форме, а ўпарта iшоў сюды, у кавярню, якую, на вялiкае наша здзiўленне, нi разу не абазваў сваiм запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкi, абсалютна не абразлiва, нават пяшчотна называў "гадзючнiкам". Нягледзячы на тое, што з iм было цiкава пагаварыць не больш за адзiн раз, мiлiцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, i без яго агульная мазаiка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскi здатная разбурыць самы дасканалы сказ.
Я сказаў: "на палубе". Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку i мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё i на сваiх жанчын не толькi пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але i насамрэч хадзiў у мора. У такiм разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымi двума метрамi, было, вiдаць, няпроста.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|