Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
9 из 45
Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць i моцныя доўгiя рукi, чый энергiчны поцiск, аднак, нязменна выклiкаў прыступ гiдлiвасцi: слiзкавата-вiльготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулi жабу-рапуху.
Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гiдлiвасцi значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнiтурах i не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любiў паўтарэнняў i кожны раз прыводзiў з сабой новую. Прыгажуняў сярод iх мы не заўважалi, але i страхотлiвых стварэнняў, па-мойму, нiколi не траплялася.
Быў зарэгiстраваны выпадак, калi ён, пакiнуўшы кавярню з адной спадарожнiцай, перад закрыццём пасадзiў за столiк iншую, а сам, нефанабэрлiва падмiргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: "Гэй, на палубе!"
"Цыган дома не крадзе", - чуў я некалi ад бабулi. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я - на далай-ламу, аднак бабулiны словы мелi да ягоных паводзiнаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабiў i кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведнiцай кавярнi. Да ўсiх iх, асаблiва да тых, чые твары былi яму знаёмыя з ранейшых вiзiтаў, ён ставiўся падкрэслена ветлiва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу.
Выключэнне складала парачка лесбiянак, што кiдала нашаму лавеласу выклiк ужо самiм фактам iснавання жаночых iстотаў, якiя ўмелi абыходзiцца без лысых, вусатых, барадатых i ўсiх астатнiх прадстаўнiкоў iншае паловы чалавецтва.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|