Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
10 из 45
Натыкнуўшыся позiркам на лесбiянак, уладальнiк галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасцi i спяшаўся запiць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў мiлiцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна i толькi часам мройлiва мармытаў сабе пад нос: "Вось бы з дзвюма адразу, бля".
Лесбiянак мы сустракалi ў свой кожны прыход, з чаго вынiкала, што гэтыя бландзiнкi - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якiм падтэксту было болей, чым самога тэксту, i крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю i шырока расплюшчанымi даверлiвымi шэрымi вачыма - бывалi ў кавярнi ледзьве не штодня. Нас вабiў iхнi загадкавы свет, аб якiм дазвалялi адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальнiцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкiя пацалункi, якiмi танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкiя залатыя пярсцёнкi, якiя абедзьве насiлi на правай руцэ.
Алкаголь уздзейнiчаў на iх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смалiць цыгарэты, яе твар змрачнеў, i на яго клаўся цень драпежлiвасцi. Аднаго разу яна спалатнела, нiбыта з яе выпусцiлi палову крывi, i, задыхаючыся, кiнула каханцы колькi фразаў, а потым так упiлася ёй вострымi малiнавымi пазногцiкамi ў тыльны бок далонi, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылi, што назiраем сцэну рэўнасцi, i, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалi ўнiкнуць у сiтуацыю глыбей.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|