Беларуския народныя казки (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
43 из 92
Зiрнуў ён праз скабы, аж гэта ваўчыца цягае гэтага каня i каля яе ваўчанятка маленькае: яна грызе, а яно сабе бегае ды нюхае i ўбегла ў сярэдзiну, дзе ляжаў дурны. Як яно ўбегла, дык ён - цап за яго, а ваўчыца давай прасiць ды малiць:
- А мой ты, - кажа, - такi, а мой ты сякi, зраблю табе, што захочаш, адно аддай мне маё дзiця!
Дурны-ж кажа:
- Мне нiчога ня трэба, толькi скажы ты мне, дзе жыве залаты птах, што ў майго бацькi яблычкi краў?
- I скажу табе, - кажа, - i завяду, толькi пасядзi ты тут крышачку, пакуль я сваё дзiця да гнязда завяду i сама вярнуся.
- Ну, - кажа дурны, - добра, пачакаю, толькi не марудзь, - i аддаў ёй тое воўчанятка.
Як ваўчыца сказала, так i зрабiла. Прыйшоўшы да яго кажа:
- Ну сядай на мяне, я цябе хутчэй занясу, чымсьцi ты туды сам дойдзеш.
Нясла яна яго, нясла, а як iм есьцi захочацца, то ваўчыца пабяжыць, зловiць хутчэй дзе што, задушыць, прынясе яму; ён крыху прыпячэ, зьесьць ды далей у дарогу. Прышлi яны да мора. Ваўчыца кажа:
- Я табе пайду гусачку злаўлю, пад'есьцi трэба, каб быў дужы, бо цяжкая праца цябе чакае.
Калi-ж пераплылi на другi бок мора, ваўчыца яго зноў навучае:
- Iдзi ты ў гэты двор, што бачыш, толькi пацiхусеньку, памалюсеньку, каб нiдзе ня шаснуў, бо гэта закляты двор: усё ў iм, што толькi ёсьць, то сьпiць; а як ты, - кажа - шарахнеш, то ўсё папрабуджваецца i ты стуль ужо жывым ня выйдзеш.
|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|