Беларуския народныя казки (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
42 из 92
Бяжыць ён з радасьцю ў хату:
- А што, цi-ж не казаў, што дапiльную. Хоць птушку й упусьцiў, але пер'е якое маю i яблычкi ўсе.
Браты, як кроўю пазалiвалiся ад сораму, што дурны славы даканаў. I давай тут старшы брат казаць:
- Ну, браткi, паеду я ў сьвет шукаць гэтае птушкi.
Узяў адну пярыну iз сабою, набраў грошай на дарогу i ўсяго, што было патрэбна, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Прайшло ўжо шмат часу - анi птушкi, анi брат старэйшы не варочаецца. Тады серадольны й кажа:
- Ну, паеду-ж я ўжо шукаць i брата i птушкi.
Набраў i той усяго ўсялякага, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Жджэ бацька, жджэ год i другi, а тут анi птушкi, анi сыны не варочаюцца. Ажно-ж аднаго разу, стругаючы лучынкi, аказваецца дурны:
- А што-ж, татку, анi хлапцоў нашых, анi птушкi няма, трэба ўжо мне выбiрацца ў дарогу.
Бацька падумаў сабе:
- Iдзi! Няма тых разумных, то няхай i цябе, дурнога, ня будзе.
Дурны нiчога iз сабою ня браў: анi грошай, анi яды, толькi ўзяў трэйцюю пярынку, кiй у руку, ножык прывязаў да пояса, той самы, каторым ён лучынкi стругаў, ды й пайшоў пехатою. Iдзе ён сабе ды йдзе, ужо й ноч надыходзiць, аж бачыць, ляжыць пры дарозе конь здохлы. Нiчога ў iм у сярэдзiне ня было, толькi хрыбеты наставiлiся. Спынiўся гэта дурны, паўглядаўся на каня i думае сабе:
- Легчы спаць на полi, то холадна будзе на ветры; прасiцца да каго нанач, шчэ ня прымуць, улезу ў гэты тулаб ды й буду ў iм спаць, як на печы ў таткавай хаце. Улез ды й зараз заснуў. Сьпiць ён сабе спакойна, аж чуе, што нехта яго хату торгае.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|