Адна гадзина (на белорусском языке) :: Хэммет Дэшил
Страница:
14 из 18
Раптам да мяне вярнуўся зрок - пакуль не цалкам, - але ценi пачалi набываць колер, пакрысе пачаў вяртацца i слых - настолькi, што я пачаў чуць стогны, рыканне, лаянку i гукi ад удараў. Вочы спынiлiся на латуневай плявальнiцы, што стаяла на адлегласцi сантыметраў дзесяць. Я зразумеў, што зноў ляжу на падлозе.
Крутануўшыся, каб садануць нагой у мяккае цела проста перад сабой, я адчуў, як штосьцi як агонь - але не - не агонь - апякло нагу - нож! Я схапiў плявальнiцу i кiнуў высока, паверх iх галоў, у дзверы, i тая, прабiўшы матавае шкло, вылецела на Калiфорнiя-стрыт.
Барацьба працягвалася яшчэ некаторы час.
Але латуневая плявальнiца, выкiнутая праз шкляныя дзверы на Калiфорнiя-стрыт памiж Мантгомеры i Кернi, не магла застацца незаўважанай - ды яшчэ пасярод дня ў Сан-Францыска. Таму хутка - калi я зноў апынуўся на падлозе, прыцiснуты масай кiлаграмаў трыста альбо чатырыста, якая ж да таго таўкла мяне тварам аб падлогу, нарад палiцыi разняў нас, выцягнуўшы мяне з-пад самага нiзу кучы.
Сярод патрульных быў i бялявы асiлак Кофi, якому тым не менш прыйшлося даволi доўга даказваць, што я - менавiта той самы супрацоўнiк агенцтва "Кантыненталь", якi зусiм нядаўна гутарыў з iм.
- Ну, дружа! - усклiкнуў Кофi, калi мне нарэшце ўдалося яго пераканаць. Божа, але ж i пастаралiся гэтыя хлопцы! Збiлi твар у раскiслы бурак!
Я не засмяяўся. Мне было не да смеху.
Валодаючы толькi адным вокам, да якога толькi цяпер вярнуўся зрок, я ўбачыў пастаўленую ў адну лiнiю пяцёрку - Соўлса, трох перапэцканых фарбай друкароў i таго, хто гаварыў з акцэнтам i ўсчаў бойку, ударыўшы мяне ззаду па галаве.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|