Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 100 из 102

Пасля доўгага змагання са смехам, якi душыў яго, i ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабiлася чырвонае, ён здолеў выцiснуць з сябе: "Вам даводзiцца змагацца з вашымi нiжэйшымi жывёламi, а нам - з нашымi нiжэйшымi класамi!" Увесь стол грымнуў рогатам, а мiстэр Пiлкiнгтан зноў павiншаваў свiнняў з нiзкiмi харчовымi нормамi, даўгiмi працоўнымi днямi i з абсалютнайадсутнасцю разбэшчанасцi, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.

А цяпер, сказаў ён нарэшце, ён хацеў бы папрасiць усiх устаць i паглядзець, цi ва ўсiх поўныя кубкi.

- Джэнтльмены, - закончыў мiстэр Пiлкiнгтан, - джэнтльмены, я прапаную тост: "За росквiт Фермы Жывёлаў!"

Пачулiся воплескi i тупат ног. Напалеон быў такi задаволены, што абышоў вакол стала, каб бомкнуцца кубкам з мiстэрам Пiлкiнгтанам. Калi воплескi сцiхлi, Напалеон, застаўшыся стаяць, абвясцiў, што таксама хоча сказаць пару слоў.

Як i ўсе Напалеонавы прамовы, гэтая была кароткая i канструктыўная. Ён таксама быў шчаслiвы, што перыяд непаразуменняў скончыўся. Доўгi час хадзiлi чуткi - пушчаныя, як ён меў падставы меркаваць, нейкiм падступным ворагам, нiбыта ў ягоных поглядах i ў поглядах яго калег было нешта шкоднае i нават рэвалюцыйнае. Лiчылася, што яны збiраюцца ўзняць паўстанне сярод жывёлаў на суседнiх фермах. Усё гэта няпраўда! Iх адзiным жаданнем, цяпер i раней, было жыць у мiры i ў нармальных дзелавых зносiнах са сваiмi суседзямi. Гэтая ферма, якую ён мае гонар кантраляваць, дадаў ён, была кааператыўным прадпрыемствам. Правы на валоданне, якiя былi ў ягоных руках, належалi супольна ўсiм свiнням.

Ён не думае, сказаў ён, што яшчэ застаюцца нейкiя падазрэннi, але некаторыя змены ў штодзённым жыццi фермы былi праведзеныя з мэтай выклiкаць яшчэ больш даверу. Дагэтуль жывёлы на ферме мелi дурную звычку звяртацца адно да аднаго "Таварыш". Цяпер гэта будзе забаронена.

|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]