Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
3 из 102
Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмi прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавiлi нядзелi разам на маленькiм выгане за садам, там пасвiлiся побач i нiколi не размаўлялi.
Абое коней ужо былi леглi, калi вывадак качанят, у якiх памерла мацi, увайшоў шнурочкам у гумно, ледзь чутна пiскаючы i азiраючыся на бакi, яны выглядалi сабе месца, дзе б на iх не наступiлi. Канюшынка паклала перад iмi пярэднюю нагу, абгарадзiўшы iх, нiбы сцяною, качаняты схавалiся за ёю, як у гняздзечку, i адразу заснулi. У апошнюю хвiлiну ўвайшла, строячы манерлiвыя мiны i жуючы кавалак цукру, дурненькая Молi, прыгожая белая кабылка, што вазiла рысорную двухколку мiстэра Джоўнза. Яна стала блiжэй да пераду i пачала трэсцi сваёй белай грывай, каб усе пабачылi чырвоныя стужачкi, што былi ў яе заплеценыя. Сама апошнi прыйшоў кот, агледзеўся, шукаючы, як звычайна, цяплейшага месца, i нарэшце ўцiснуўся памiж Баксёрам i Канюшынкай; там ён задаволена муркаў пад час усёй Маёравай прамовы, не чуючы нi слова з таго, што той казаў.
Цяпер ужо сабралiся ўсе жывёлы, апроч свойскага крумкача Масея, якi спаў на жэрдцы за тыльнымi дзвярмi. Пабачыўшы, што ўсе ўтульна размясцiлiся i ўважлiва чакаюць, Маёр пракашляўся i пачаў:
- Таварышы, вы ўжо чулi пра дзiўны сон, што я саснiў мiнулае ночы. Але пра сон я раскажу пазней. Спачатку я хацеў бы пагаварыць пра iншае. Я не думаю, таварышы, што буду яшчэ доўгiя месяцы заставацца з вамi, але пакуль я не памёр, я лiчу сваiм абавязкам перадаць вам усю мудрасць, якую я набыў за маё жыццё.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|