Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 51 из 102

У свае вольныя хвiлiны жывёлы хадзiлi вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю i перпендыкулярнасцю сцен i дзiвячыся, што яны самi здолелi зрабiць нешта гэткае незвычайнае. I толькi стары Бэнджамiн не выяўляў нiякага энтузiязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нiчога, апрача загадкавай заўвагi, што аслы жывуць доўга.

Настаў лiстапад з лютымi паўднёва-заходнiмi вятрамi. Будаўнiцтва давялося спынiць, бо было занадта мокра, каб разводзiць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калi вецер быў такi моцны, што будынкi фермы хiсталiся на сваiх падмурках i некалькi плiтак дахоўкi зляцела з гуменнага даху. Куры прачнулiся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснiлi адначасова, што чулi, як недзе непадалёку стрэлiла гармата. Калi ранiцаю жывёлы павыходзiлi са стойлаў, яны ўбачылi, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краi саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелi яны агледзець гэта, як з усiх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад iмi адкрылася страшнае вiдовiшча. Вятрак ляжаў у руiнах.

Не згаворваючыся, яны кiнулiся да яго. Напалеон, якi нiколi не паскараў хады, бег наперадзе ўсiх. Так, увесь плён iх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камянi, якiя яны з такiмi намаганнямi разбiвалi i зацягвалi на ўзгорак, рассыпалiся на ўсе бакi. Не могучы спачатку вымавiць нi слова, яны стаялi, жалобна пазiраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкi хадзiў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся i нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спынiўся, быццам нешта вырашыўшы.

|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]