Ферма (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 49 из 102

Зноў жывёлам падалося, нiбы яны памятаюць пастанову, што была прынятая ў сама першыя днi, i зноў Вiскун здолеў пераканаць iх, што яны памыляюцца. Было абсалютна неабходна, казаў ён, каб свiннi, якiя былi розумам фермы, мелi спакойнае памяшканне для працы. Дый годнасцi Правадыра (нядаўна ён пачаў ужываць тытул "Правадыр", гаворачы пра Напалеона) больш пасуе жыць у доме, чым у простым свiнушнiку. Тым не меней некаторыя жывёлы збянтэжылiся, пачуўшы, што свiннi не толькi ядуць на кухнi i адпачываюць у гасцёўнi, але i спяць у ложках. Баксёр не звярнуў на гэта нiякай увагi, сказаўшы, як звычайна: "Напалеон заўсёды кажа праўду!", але Канюшынка, якой здавалася, што яна дакладна памятае пастанову наконт ложкаў, пайшла да гумна i паспрабавала разабраць Сем Запаведзяў, што былi напiсаныя на сцяне. Не здолеўшы прачытаць нiчога, апроч паасобных лiтар, яна схадзiла па Мюрыэль.

- Мюрыэль, - сказала яна, - прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Цi няма ў ёй пра тое, каб нiколi не спаць у ложку?

Мюрыэль з цяжкасцю праслiбiзавала.

- Тут напiсана: "Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку на прасцiне", урэшце паведамiла яна.

Дзiўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасцiну; але калi гэта было напiсана на сцяне, значыць, гэтак яно i мусiла быць. I Вiскун, якi якраз у гэты момант праходзiў мiма ў суправаджэннi двух сабакаў, здолеў выкласцi гэтую справу ў патрэбным святле.

|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]