Ферма (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
53 из 102
Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!
VII
Зiма была суровая. За шалёнымi вятрамi прыйшлi дажджы i снегапады, а пасля насталi жорсткiя маразы, якiя пачалi слабнуць толькi ў лютым. Жывёлы што ставала сiлы працягвалi адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешнi свет уважлiва сочыць за iмi i што зайздросныя чалавечыя iстоты будуць радавацца i святкаваць перамогу, калi вятрак не будзе пабудаваны ў пару.
На бяду жывёлам, чалавечыя iстоты ўдавалi, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалi, што ён развалiўся таму, што сцены былi занадта тонкiя. Жывёлы ведалi, што гэта няпраўда. I ўсё ж было вырашана рабiць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасцi камення. Доўгi час кар'ер быў занесены снегам, i нiчога нельга было рабiць. Праца крыху прасунулася наперад у сухiя марозныя днi, але гэта было цяжкае выпрабаванне, i энтузiязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Iм увесь час было халодна, а часам i галодна. Толькi Баксёр i Канюшынка нiколi не падалi духам. Вiскун выступаў з блiскучымi прамовамi аб радасцi служэння ферме i высокай годнасцi працы, але астатнiя жывёлы значна болей натхнялiся з Баксёравай сiлы i яго нястомнага воклiчу "Я буду працаваць яшчэ старанней!".
У студзенi пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, i было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявiлася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якiя не былi як след накрытыя. Бульба зрабiлася мяккая i бясколерная, i толькi нязначная яе частка была прыдатная да ежы.
|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|