1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 24 из 72

- сказала панi Парсанс, баязлiва зiрнуўшы на дзверы. - Яны сёння не выходзiлi з дому. I вядома ж...

Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзiне. Кухонная ракавiна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што iншае. Ўiнстан стаў на каленi i агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гiдзiўся ручной працы, i яму было непрыемна нахiляцца, бо амаль заўсёды ў гэткiх выпадках ён заходзiўся кашлем. Панi Парсанс бездапаможна глядзела на яго.

- Вядома ж, калi б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзiў, - сказала яна. - Ён любiць такую працу. Ён жа такi здольны, мой Том, у яго залатыя рукi...

Парсанс, як i Ўiнстан, працаваў у Мiнiстэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькi, але вельмi жвавы чалавечак, неверагодна дурны i поўны iдыёцкага энтузiязму, - адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлiн, якiя нiколi не ставяць лiшнiх пытанняў i ад якiх - нават болей, чым ад Палiцыi Думак залежала трываласць Партыi. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькi нядаўна i з вялiкай неахвотай развiтаўся з Саюзам Моладзi, а перад тым, як стаць сябрам Саюза Моладзi, ён схiтрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрмiну затрымацца ў шэрагах Юных Шпiёнаў. У Мiнiстэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамiтэта i ўсiх iншых камiтэтаў, што займалiся арганiзацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасцi i ўсiх iншых добраахвотных мерапрыемстваў.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]