1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
23 из 72
Дамовы блок "Перамога" быў старым, пабудаваным у 30-я гады комплексам будынкаў, што з часам самi па сабе паволi руйнавалiся. Гадамi ад сцен i столяў адвальвалася тынкоўка, вадаводныя трубы лопалiся пад час добрых маразоў, дах прапускаў ваду, як толькi пачынаў падаць снег, цэнтральнае ацяпленне звычайна працавала на палову напругi, калi яго ўвогуле не выключалi дзеля ашчаднасцi. Рамонтам, апроч таго, што можна было зрабiць самому, мелi займацца нейкiя далёкiя таямнiчыя ўстановы, якiя, каб, напрыклад, памяняць шыбы ў вокнах, марудзiлi часам па два гады.
- Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, - няясна прамармытала панi Парсанс.
Кватэра Парсансаў была большая за Ўiнстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькi што наведаў нейкi вялiкi драпежны звер. Спартовыя прылады - хакейныя клюшкi, баксёрскiя пальчаткi, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны - усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымi школьнымi падручнiкамi. На сценах побач з партрэтам Вялiкага Брата ў поўны рост вiселi чырвоныя сцяжкi Саюза Моладзi i гэтак званых Юных Шпiёнаў. Тут, як i ва ўсiм доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкi пах поту, якi - гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, - належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другiм пакоi нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелi з экрана тэлегляда.
- Гэта дзецi...
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|