1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 27 из 72



- Гольдштэйн! - крыкнуў хлопчык яму ўслед, i дзверы зачынiлiся. Больш за ўсё Ўiнстана ўразiў бездапаможны спалоханы твар жанчыны.

Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў мiма тэлегляда i зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сцiхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апiсанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасцi, якая толькi што стала на якар памiж Iсландыяй i Фарэрскiмi выспамi.

З гэтымi дзецьмi ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Ўiнстан. Пройдзе яшчэ год або два, i яны ўдзень i ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасцi. Цяпер амаль усе дзецi былi такiя. Найгорш было тое, што пад уплывам такiх арганiзацый, як Шпiёны, яны непазбежна вырасталi неўтаймоўнымi дзiкунамi. I, аднак, гэта нiякiм чынам не спараджала ў iх iмкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыплiны. Наадварот, яны горача любiлi Партыю i ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песнi, дэманстрацыi, сцягi, вандроўкi, ваенныя практыкаваннi з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялiкага Брата - усё гэта было для iх займальнай гульнёй. Усё iхнае дзiкунства накiроўвалася вонкi, супраць ворагаў Радзiмы, супраць чужынцаў, здраднiкаў, сабатажнiкаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзi, якiм за трыццаць, баялiся ўласных дзяцей.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]