1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
29 из 72
Нашыя войскi ў Паўднёвай Iндыi дасягнулi блiскучай перамогi. Звесткi дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькi што паведамiлi, значна наблiзiла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне...
Гэта не вяшчуе нiчога добрага, падумаў Ўiнстан. I сапраўды, пасля крывавага апiсання поўнага знiшчэння адной з эўразiйскiх армiй, пасля абвяшчэння велiзарнай лiчбы забiтых i палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццацi да дваццацi грамаў.
Ўiнстану яшчэ раз адрыгнулася. Уздзеянне джыну прайшло, ад яго засталося толькi пачуццё млявасцi. З тэлегляда загрымелi гукi гiмна: "За цябе, мая Акiянiя.." - у гонар перамогi, а можа, каб прымусiць забыцца пра шакалад. Мелася на ўвазе, што ўсе гледачы мусяць устаць па стойцы "смiрна". Але Ўiнстана ўсё роўна нiхто не бачыў.
Гiмн змянiла лёгкая музыка. Ўiнстан падышоў да акна i стаў спiнай да тэлегляда. На вулiцы ўсё яшчэ было светла i холадна. Недзе ўдалечынi грымнула глухое рэха ад выбуху ракетнай бомбы. Цяпер iх падала на Лондан дваццаць трыццаць штук за тыдзень.
Унiзе на вулiцы вецер шкуматаў падраны плакат, i слова АНГСОЦ на iм то з'яўлялася, то зноў знiкала. Ангсоц. Свяшчэнныя прынцыпы Ангсоцу: навамоўе, двухдумства i зменлiвасць гiсторыi. Ўiнстану здавалася, што ён блукае ў густых лясах на марскiм дне, заблудзiўшы ў нейкiм пачварным свеце, дзе ён i сам быў пачварай. Ён быў адзiн. Мiнуўшчына была мёртвая, а ўявiць будучыню было немагчыма.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|