1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 28 из 72

I на гэта былi сур'ёзныя падставы, бо не праходзiла i тыдня, каб у "Таймз" не друкавалi паведамлення, што якi-небудзь чуйны маленькi даносчык - звычайна iх называлi "дзецi-героi" падслухаў нейкiя падазроныя выказваннi i выдаў сваiх бацькоў Палiцыi Думак.

Боль у шыi суняўся. Ўiнстан нерашуча ўзяў пяро i падумаў, што б яму яшчэ запiсаць у дзённiк. Раптам яму зноў прыгадаўся О'Браэн.

Неяк аднойчы - колькi ж прамiнула часу? гадоў сем таму - ён прыснiў, што iдзе праз цёмны пакой. I нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калi Ўiнстан праходзiў мiма: "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры". Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк мiж iншым - гэта было сцверджанне, не загад. Ўiнстан прайшоў, не спынiўшыся. Дзiўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання. I, напэўна, толькi пазней яны пачалi паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калi ён упершыню ўбачыў О'Браэна - да гэтага сну цi пасля, гэтаксама ён не памятаў, калi ён упершыню атаясамiў голас у сне з голасам О'Браэна. Ва ўсялякiм разе, цяпер гэта быў для яго голас О'Браэна. З цемры да яго гаварыў О'Браэн.

Ўiнстан нiколi не мог дакладна вызначыць - нават пасля двухсэнсоўнага позiрку гэтай ранiцай - быў О'Браэн сябрам цi ворагам. Але, здавалася, гэта не мела нiякага значэння. Памiж iмi iснавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхiльнасць або супольнiцтва. "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры", сказаў ён. Ўiнстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкiм чынам некалi спраўдзяцца.

Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты i прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлiвы голас працягваў:

- Увага! Увага! Толькi што мы атрымалi надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]