1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 30 из 72

Цi мог ён быць пэўны, што хоць адзiн жывы чалавек стаяў на яго баку? I як ён мог ведаць, цi панаванне Партыi не будзе цягнуцца вечна? Нiбы адказ, яму прыгадалiся тры лозунгi на белым фасадзе Мiнiстэрства Праўды:

ВАЙНА ЁСЦЬ МIР

СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА

НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА

Ён выцягнуў з кiшэнi 25-цэнтавую манету. На ёй таксама выразнымi маленькiмi лiтарамi былi выбiты тыя самыя лозунгi, на другiм баку манеты была выява Вялiкага Брата. Нават з манеты за табою сачылi вочы. З грошай, паштовых марак, вокладак кнiг, сцягоў, плакатаў, цыгарэтных пачкаў - вочы сачылi адусюль. Адусюль глядзелi вочы, адусюль гучаў голас. Удзень i ўначы, на працы i за абедам, дома i на вулiцы, у ванне i ў ложку - нiдзе ад iх нельга было схавацца. Табе не належала нiчога, акрамя пары кубiчных сантыметраў мозгу, схаванага пад тваiм чэрапам.

Сонца перайшло на другi бок, i незлiчоныя вокны Мiнiстэрства Праўды, на якiя ўжо не падалi яго промнi, пахмурлiва чарнелiся, нiбы байнiцы крэпасцi. Ўiнстан адчуваў роспач i бездапаможнасць перад гэтай вялiзнай пiрамiдай, што пагрозлiва высiлася над iншымi дамамi. Яна была непахiсная, тысячы ракетных бомбаў не здолелi б яе разбурыць. Ўiнстан зноў спытаўся ў сябе, дзеля каго ён пiша свой дзённiк. Дзеля будучынi, дзеля мiнуўшчыны - дзеля той эпохi, якая, можа, iснуе толькi ў марах. Яго чакала не толькi смерць, але i поўнае знiшчэнне, выкараненне памяцi аб iм. Дзённiк ператворыцца ў попел, а сам ён у струменьчык дыму. Толькi Палiцыя Думак прачытае напiсанае iм, перш чым яно знiкне са свету i з памяцi.

|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]