1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 51 из 72

Нiколi не заставалася нават найменшай згадкi пра тое, што з iмi сталася. У некаторых выпадках яны нават заставалiся жывыя. Прыблiзна трыццаць чалавек, якiх Ўiнстан асабiста ведаў, не лiчачы яго бацькоў, знiклi якраз такiм чынам.

Ўiнстан пацёр сашчэпкай нос. У нiшы па той бок прахода сядзеў таварыш Тылатсан, якi яшчэ нiжэй сагнуўся над сваiм мовапiсам. На iмгненне ён падняў галаву - зноў варожа блiснулi акуляры. Ўiнстан падумаў, цi не займаецца таварыш Тылатсан той самай працай, што i ён. Гэта было цалкам магчыма. Гэткае складанае заданне нiколi б не даверылi толькi аднаму выканаўцу, з другога ж боку, перадаць гэтую працу цэлай камiсii было б раўназначна публiчнаму прызнанню ў тым, што трэба зрабiць фальсiфiкацыю. Вельмi верагодна, што з дзесятак людзей шчыравала цяпер над тым, каб найлепшым чынам перапiсаць прамову Вялiкага Брата. А пасля нейкi "мозг" з Унутранай Партыi выбера той або iншы варыянт, выдасць яго нанова i пусцiць у ход складаны механiзм неабходных выпраўленняў у iншых галiнах, пасля чаго старанна апрацаваная хлусня пойдзе ў архiў i зробiцца праўдай.

Ўiнстан не ведаў, чаму Ўiдэрз страцiў ласку. Можа, праз хабарнiцтва, можа, праз некампетэнтнасць. Можа, Вялiкi Брат хацеў толькi пазбавiцца ад занадта папулярнага падначаленага. Можа, Ўiдэрз або нехта з блiзкiх яму людзей выказаў нейкiя шкодныя погляды. Цi, можа, - i гэта самае верагоднае - усё адбылося толькi таму, што кампанii чыстак i выпарэнняў былi мерапрыемствамi, неабходнымi для падтрымання жыццядзейнасцi дзяржаўнага механiзму.

|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]