1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 58 из 72

Ты, напэўна, думаеш, што мы займаемся толькi тым, што вынаходзiм новыя словы? Якраз наадварот! Штодня мы выкiдаем старыя словы, у вялiкай колькасцi. Сотнямi. Мы спрашчаем мову да яе голага касцяка. У Адзiнаццатым выданнi не будзе болей слоў, патрэба ў якiх адпадзе да 2050 года.

Ён прагна адкусiў хлеба i, праглынуўшы пару кавалкаў, працягваў прамаўляць з фанатычным захапленнем. Яго худы, смуглявы твар ажывiўся, з вачэй знiкла насмешлiвасць, i яны зрабiлiся амаль летуценнымi.

- I гэтае выкрэслiванне слоў - цудоўная рэч! Вядома ж, больш за ўсё даводзiцца выкiдаць дзеясловы i прыметнiкi, але ёсць таксама сотнi назоўнiкаў, якiя гэтак жа лёгка можна выкiнуць з мовы. Я маю на ўвазе не толькi словы з блiзкiм сэнсам, але i тыя, што перадаюць супрацьлеглае значэнне. Урэшце, якое права на iснаванне мае слова, што з'яўляецца ўсяго толькi супрацьлегласцю iншага слова? Кожнае слова мае ў сабе сваю супрацьлегласць. Напрыклад, слова "добры". Калi ёсць слова "добры", нашто ж тады яшчэ i слова "дрэнны"? Слова "нядобры" выконвае гэтую ролю гэтаксама добра цi нават яшчэ i лепей, бо з'яўляецца дакладнай супрацьлегласцю добрага, чаго не скажаш пра слова "дрэнны". Калi ж, з другога боку, табе патрэбная мацнейшая ступень "добрага", дык у чым сэнс цэлага шэрага няясных, непатрэбных слоў, як, напрыклад, "выдатны", "цудоўны" цi як там яшчэ? Слова "плюсдобры" найлепшым чынам выказвае патрэбны сэнс, а калi трэба нешта яшчэ мацнейшае, тады падыдзе слова "звышплюсдобры".

|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]