1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
60 из 72
Сёння, у Адзiнаццатым выданнi мы ўжо недалёкiя ад гэтага. Але працэс увесь час будзе працягвацца, яшчэ доўга нават пасля нашай смерцi. З кожным годам будзе ўсё менш i менш слоў, абсяг свядомасцi будзе ўсё вузейшы i вузейшы. Вядома ж, ужо сёння не iснуе нiякiх падстаў для апраўдання думзлачынстваў. Гэта проста пытанне самадысцыплiны, кантролю рэчаiснасцi. Але ўрэшце i гэта не спатрэбiцца. Рэвалюцыя пераможа канчаткова, калi мы створым дасканалую мову. Навамоўе ёсць Ангсоц, Ангсоц ёсць навамоўе, - дадаў ён з таямнiчым задавальненнем. - Цi задумваўся ты калi над тым, што ў 2050 годзе не застанецца нiводнага чалавека, якi ўвогуле здолеў бы зразумець нашу цяперашнюю размову?
- Акрамя... - хацеў запярэчыць Ўiнстан, але не скончыў.
Ён збiраўся сказаць: "Акрамя пролаў", але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасцi. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.
- Пролы - не людзi, - сказаў ён безуважна. - У 2050 годзе, а можа, яшчэ i раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся лiтаратура мiнулага будзе знiшчана. Чосэр, Шэкспiр, Мiлтан, Байран будуць iснаваць толькi ў навамоўных перакладах i будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былi. Нават партыйная лiтаратура не пазбегне пераробкi. Нават лозунгi будуць гучаць iнакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг "Свабода гэта рабства", калi само паняцце свабоды будзе злiквiдаванае? Увесь сусвет думкi будзе выглядаць iначай.
|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|