1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
59 из 72
Вядома, мы ўжо i цяпер ужываем гэтыя формы, але ў канчатковым варыянце навамоўя iншых слоў проста не застанецца. Уся сiстэма значэнняў "добры-дрэнны" будзе прадстаўленая шасцю словамi, а ўрэшце i адным словам. Цi бачыш ты, Ўiнстан, усю прыгажосць гэтай iдэi? Вядома ж, iдэя гэтая належыць Вялiкаму Брату, - дадаў Сайм, падумаўшы.
На згадку пра Вялiкага Брата твар Ўiнстана на iмгненне асвятлiўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапiць Ўiнстана.
- Ты не можаш па-сапраўднаму ацанiць навамоўе, Ўiнстан, - сказаў ён амаль са смуткам. - Нават калi ты пiшаш на iм, ты ўсё роўна думаеш на старамоўi. Я чытаў некалькi тваiх артыкулаў, што ты час ад часу пiшаш у "Таймз". Яны вельмi добрыя, але гэта ўсяго толькi пераклады. Ты яшчэ вельмi прывязаны да старамоўя з усiмi яго няяснасцямi i непатрэбнымi адценнямi думкi. Ты яшчэ не адчуў прыгажосцi знiшчэння слоў. Цi ведаеш ты, што навамоўе - адзiная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?
Не, Ўiнстан гэтага не ведаў. Ён усмiхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусiў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў i казаў далей:
- Цi ж ты не бачыш, што мэта навамоўя - скарацiць абсяг дзеяння думкi. Урэшце мы зробiм немагчымым само iснаванне думзлачынстваў, бо проста не будзе слоў, якiмi iх можна будзе выказаць. Кожнае паняцце, якое калi-небудзь трэба будзе выказаць, будзе азначацца толькi адным словам, пры гэтым яго сэнс будзе дакладна акрэслены, а розныя дадатковыя адценнi значэння будуць злiквiдаваныя i забытыя.
|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|