1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 63 из 72

Ужытае ў дачыненнi да ворага яно з'яўляецца лаянкай; сказанае ж аб некiм, хто падзяляе твае погляды, яно з'яўляецца пахвалой.

Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўiнстан з нейкiм шкадаваннем, хоць i ведаў дакладна, што Сайм ставiўся да яго з пагардай i мог бы выдаць яго як думзлачынца, калi б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасцi, стрыманасцi, нейкай уратавальнай дурасцi. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялiкага Брата, радаваўся перамогам, ненавiдзеў адступнiкаў не толькi з пераканання, зацята i непахiсна, але i свядома, з пранiкнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыi. I ўсё ж было ў iм штосьцi, што выклiкала падазрэннi. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кнiг i быў сталы наведнiк кавярнi "Каштан", улюбёнага прыстанiшча мастакоў i музыкантаў. Не было такога закона, нават неафiцыйнага, якi б забараняў наведваць гэтую кавярню, i ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцiлi ласку ў кiраўнiцтва, часта наведвалi гэтую кавярню, перш чым знiкалi назаўсёды. Казалi нават, што самога Гольдштэйна бачылi тут часам некалькi гадоў цi дзесяцiгоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. I, аднак, не было нiякага сумнення, што Сайм, калi б ён хоць на хвiлiнку даведаўся пра патаемныя намеры Ўiнстана, адразу выдаў бы яго Палiцыi Думак. Магчыма, што гэта зрабiў бы i любы iншы, але Сайм хутчэй за ўсiх. Заўзятай адданасцi на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасцi.

Сайм падняў вочы. "Сюды iдзе Парсанс", - сказаў ён.

|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]