1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 64 из 72



Ён сказаў гэта такiм тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: "Гэты iдыёт". I сапраўды, Парсанс, сусед Ўiнстана ў дамовым блоку "Перамога", прабiваўся скрозь натоўп - тоўсценькi невялiчкi чалавек з бялявымi валасамi i жабiным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы i маладжавы. Усiм сваiм выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашнi камбiнезон, яго цяжка было ўявiць iнакш, як у кароткiх сiнiх шортах, шэрай кашулi i з чырвоным шпiёнскiм гальштукам. Калi спрабуеш уявiць яго, адразу бачыш голыя каленкi i пухленькiя ручкi з закасанымi рукавамi. Як толькi выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкi або нейкай iншай формы фiзiчных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывiтаўся i сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькi поту спрэс пакрывалi яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вiльготнай ручцы ракеткi, што Парсанс толькi што гуляў у настольны тэнiс. Сайм дастаў шматок паперы, на якiм была напiсаная доўгая калонка слоў, i пачаў уважлiва iх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.

- Паглядзiце, як ён працуе пад час перапынку! - сказаў Парсанс i штурхнуў Ўiнстана ў бок. - Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьцi занадта мудрагелiстае для мяне. Смiт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкi, што вы мне яшчэ не здалi.

|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]