1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
67 из 72
Ва ўсёй Акiянii сёння ранiцай адбылiся стыхiйныя дэманстрацыi, пад час якiх працоўныя прадпрыемстваў i ўстановаў маршыравалi са сцягамi па вулiцах, каб выказаць удзячнасць Вялiкаму Брату за новае шчаслiвае жыццё, якiм надарыла нас яго мудрае кiраўнiцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лiчбы: харчовыя прадукты...
Словы "наша новае шчаслiвае жыццё" былi паўтораны некалькi разоў. Апошнiм часам яны сталi ўлюбёным выразам Мiнiстэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамi, слухаў з нейкай здзiўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлiвасцю. Ён не мог сачыць за лiчбамi, але быў упэўнены, што яны нейкiм чынам давалi падставу для задавальнення. Ён дастаў вялiкую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўнiць люльку да краёў. Ўiнстан палiў цыгарэту "Перамога", старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькi заўтра, а ў яго заставалася толькi чатыры цыгарэты. На хвiлiнку ён адключыўся ад гаманы ў зале i прыслухаўся да патоку слоў, што валiў з тэлегляда. Як выявiлася, адбылiся нават дэманстрацыi, каб падзякаваць Вялiкаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццацi грамаў на тыдзень. Але ж толькi ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццацi грамаў. Цi магчыма, каб прайшло ўсяго толькi дваццаць чатыры гадзiны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулi. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёлiны. Бязвокае стварэнне за суседнiм столiкам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсцi, выкрыць i выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыднi норма складала трыццаць грамаў.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|