1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 69 из 72

Наколькi ёя помнiў, ежы не хапала нiколi, шкарпэткi i споднiкi ў людзей заўсёды былi ў дзiрках, мэбля заўсёды была паламаная i нетрывалая, кватэры недастаткова ацяплялiся, у метро было не ўбiцца, дамы развальвалiся, хлеб быў толькi чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькi сiнтэтычнага джыну. I хоць з гадамi ўсё навокал горшала, гэта нiкому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час балiць сэрца ад няўтульнасцi i бруду, недахопу тавараў, бясконцых зiм, дзiравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных лiфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькi той, хто захаваў нешта накшталт памяцi продкаў пра тое, што калiсьцi ўсё было зусiм iнакшае?

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзi навокал былi брыдкiя i засталiся б брыдкiмi i тады, калi б насiлi не аднолькавыя сiнiя камбiнезоны, а нешта iншае. У дальнiм канцы залы сядзеў адзiн за столiкам маленькi, надзiва падобны да жука чалавек, i пiў каву, пры гэтым яго вочкi недаверлiва зiркалi то ў адзiн, то ў другi бок. Як лёгка можна было паверыць, калi толькi не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фiзiчны iдэал - высокiя дужыя хлопцы i паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя i бесклапотныя - сапраўды iснаваў i нават пераважаў. У сапраўднасцi ж, наколькi можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былi маленькiя, чарнявыя i брыдкiя.

|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]