1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
70 из 72
Было дзiўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзiўся ў Мiнiстэрствах: маленькiя каржакаватыя людзi, што ўжо ў дзяцiнстве былi тоўстыя, з кароткiмi нагамi, рэдкiмi нервовымi рухамi i азызлымi абыякавымi тварамi з вельмi маленькiмi вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыi гэты тып людзей дасягаў усё большага росквiту.
Паведамленне Мiнiстэрства Дастатку скончылася фанфарамi, якiя змянiлiся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лiчбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.
- Мiнiстэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, - сказаў ён з выглядам знаўцы. - Дарэчы, Смiт, цi ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якiя вы маглi б мне саступiць?
- Нiводнага, - адказаў Ўiнстан. - Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.
- А... Я толькi хацеў у вас спытацца...
- На жаль, - сказаў Ўiнстан.
Качыны голас за суседнiм столiкам, якi пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўiнстану раптам прыгадалася панi Парсанс з яе кудлатымi валасамi i пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзецi здадуць яе Палiцыi Думак. Панi Парсанс выпараць. Бязвокую iстоту з качыным голасам нiколi не выпараць. Маленькiх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калiдорах Мiнiстэрстваў, таксама нiколi не выпараць. I дзяўчыну з чорнымi валасамi з аддзела мастацкай лiтаратуры - яе таксама нiколi не выпараць. Яму здавалася, што ён iнстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знiшчаны, хоць i нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.
У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваiх летуценняў. Дзяўчына за суседнiм столiкам напалову павярнулася i глядзела цяпер на яго.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|