Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 100 из 109

Зрэшты, мне, у пэўным сэнсе, шанцавала, бо за ўвесь гэты час я нi разу не пачуў чыiх-небудзь крокаў. Мама часта казала, што чалавек нiколi не бывае безвыходна няшчасны. I я знаходзiў гэтаму доказ у турме, калi неба пачынала святлець i першыя промнi працiскалiся ў камеру. Бо ўсё магло быць iначай - я мог бы пачуць грукат крокаў, i маё сэрца раздзерлася б на кавалкi. Але нават тады, калi сама нязначны шоргат прымушаў мяне кiдацца да дзвярэй, калi я стаяў, прыпаўшы да iх шчакой, i з жахам прыслухоўваўся, пакуль не адчуваў ужо нiчога, апроч уласнага дыхання, якое палохала мяне сваёй сiпатой, падобнай да сабачага скавытання, нават тады - маё сэрца ўсё ж не раздзiралася i я выйграваў яшчэ дваццаць чатыры гадзiны на жыццё.

Цэлы дзень мае думкi круцiлiся вакол просьбы пра памiлаванне. Але, па-мойму, яны прыносiлi мне якраз найбольшую карысць. Я прыкiдаў, якiмi могуць быць вынiкi, i ў сваiх разважаннях знаходзiў найбольшае суцяшэнне. Спачатку я дапускаў сама горшае: просьба адхiлена. "Што ж, значыць, я памру". Раней за iншых, што само сабой зразумела. Але нi для каго не сакрэт, што жыццё зусiм не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасцi, вялiкай рознiцы няма, калi ты памрэш - у трыццаць гадоў цi ў семдзесят, - усё роўна пасля цябе застануцца жыць iншыя людзi, бо так яно заўсёды было i будзе яшчэ не адну тысячу год. Тут, увогуле, усё ясна. I калi б ты нi памёр, цяпер цi праз дваццаць гадоў, памiраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага нiхто не зробiць.

|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]