Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
99 из 109
А ў нашым выпадку адладжаная механiка ўсё толькi псавала: вас забiвалi неяк вельмi ўжо сцiпла, нават крыху сарамлiва, але затое з вялiкай дакладнасцю.
Было яшчэ дзве рэчы, пра якiя я ўвесь час думаў: гэта - свiтанак i просьба пра памiлаванне. Я, праўда, стараўся быць болей разумным i не думаць пра гэта. Выпростваўся на ложку, глядзеў на неба, прымушаў сябе назiраць за яго фарбамi. Але вось яно зелянела, i наставаў вечар. Мне зноў даводзiлася рабiць над сабой намаганне, каб збiць хаду думак. Я прыслухоўваўся да пульсавання сэрца. Немажлiва было ўявiць, што гэты гук, якi так доўга суправаджаў маё быццё, раптам можа спынiцца. Але ў мяне нiколi не было сапраўднага ўяўлення. Колькi я нi стараўся ўбачыць у думках тую секунду, калi ўдар сэрца ўжо не азавецца ў маёй галаве, - усё было дарэмна. Я не мог пазбавiцца ад думкi пра свiтанак i пра памiлаванне. I нарэшце вырашыў, што разумней за ўсё будзе сябе не прымушаць.
Звычайна яны прыходзяць на свiтаннi, я гэта ведаў. I кожную ноч, увогуле, толькi тым i займаўся, што чакаў гэтага свiтання. Бо я нiколi не любiў, каб мяне заставалi знянацку. Калi ўжо нешта павiнна адбыцца, дык лепей, па-мойму, быць да яго заўсёды гатовым. Нарэшце, я амаль перастаў спаць, драмаў хiба што крыху ўдзень, а ўсе ночы напралёт цярплiва чакаў, калi ў небе за кратамi пачне займацца на дзень. Сама цяжкае было перажыць той трывожны час, калi яны звычайна рабiлi сваю справу. Ужо ад паўночы я пачынаў прыслухоўвацца i чакаў. Нiколi яшчэ мой слых не ўчуваў столькiх размаiтых гукаў, столькiх ледзь прыкметных шолахаў.
|< Пред. 97 98 99 100 101 След. >|