Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
101 из 109
Адзiнае, што мяне яшчэ крыху бянтэжыла ў маiх разважаннях - гэта нейкi незразумелы штуршок, якi я адчуваў у сэрцы ад адной толькi думкi пра магчымасць пражыць яшчэ дваццаць гадоў. Такое пачуццё трэба было неяк заглушаць, i тады я казаў сабе, што яшчэ невядома, якiя ў мяне будуць думкi праз тыя дваццаць гадоў, калi ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да гэтага самага пытання. А калi памiраць усё роўна прыйдзецца, дык як i калi гэта здарыцца не мае, што само сабой зразумела, нiякага значэння. А значыць (i сама цяжкае было не забыцца, адкуль гэтае "значыць" вынiкае), значыць, я павiнен пагадзiцца з тым, што маю просьбу пра памiлаванне адхiляць.
I вось цяпер - i толькi цяпер - я, калi так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусцiць другую гiпотэзу: мяне памiлавалi. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, якi бударажыў мне кроў, працiнаў усё цела, засцiлаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцiшыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гiпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо iначай было б незразумела маё пакорлiвае прыняцце першай. I калi гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзiну спакою. Гэта, мiж iншым, таксама нешта значыла.
Якраз у адзiн такi момант я чарговы раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Я ляжаў на ложку i па бляклай сiнi ў небе здагадваўся, што за акном настае летнi вечар. Толькi што я ў думках адхiлiў сваю просьбу i цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маiх жылах кроў. У мяне зусiм не было патрэбы бачыць свяшчэннiка.
Упершыню за многiя апошнiя днi я ўспомнiў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пiсала.
|< Пред. 99 100 101 102 103 След. >|