Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
15 из 109
Па шчоках у яго кацiлiся буйныя слёзы - вiдаць, ён вельмi нерваваўся i быў, апроч таго, стомлены. Твар у яго быў такi маршчынiсты, што слёзы са шчок не сцякалi, а адно расплывалiся, хавалiся ў зморшчынках i залiвалi змардаванае аблiчча суцэльным бляскам. Памятаю яшчэ, потым была царква, вяскоўцы на ходнiках, чырвоная герань на могiлках, Перэс самлеў (павалiўся, нiбы раскручаная лялька), на мамiну труну сыпалася крывава-чырвоная зямля, дзе-нiдзе ў ёй траплялiся белыя, нiбы косткi, карэньчыкi раслiн, потым зноў нейкi люд, галасы, вёска, чаканне каля кавярнi, доўгае, безупыннае фырканне матора i нарэшце - радасць, калi аўтобус пакацiў мiж лiхтароў вячэрняга Алжыра, i я падумаў, што зараз лягу спаць i прасплю дванаццаць гадзiн.
II
Прачнуўшыся, я зразумеў, чаму ў патрона быў такi незадаволены выгляд, калi я папрасiў два днi. Сёння ж субота! А я, што называецца, зусiм пра гэта забыўся. I ўспомнiў толькi цяпер, калi ўстаў. А патрон, вiдаць, яшчэ тады падлiчыў, што мне выпадае чатыры вольныя днi (бо наперадзе ў нас нядзеля), i яму гэта, натуральна, не магло спадабацца. Але па-першае, у тым, што маму вырашылi хаваць учора, а не сёння, маёй вiны няма, а па-другое - так цi iнакш, субота i нядзеля ўсё роўна былi б мае. I ўсё ж патрона можна зразумець.
Устаць было вельмi цяжка: дужа стамiўся за ўчорашнi дзень. Пакуль галiўся, думаў, чым бы заняцца. Вырашыў пайсцi на пляж. Сеў у трамвай i даехаў да купальняў у партовым залiве. Там я паднырнуў у праход i выплыў у мора. Было шмат моладзi.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|