Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 16 из 109

У вадзе я натрапiў на Мары Кардону, былуюмашынiстку з нашай канторы. Тады мяне вельмi вабiла да яе. I яе да мяне, здаецца, таксама. Але яна хутка звольнiлася, i нам не хапiла часу... Я дапамог ёй залезцi на бакен i ў гэты момант дакрануўся да яе грудзей. Я быў яшчэ ў вадзе, а яна легла на бакене на жывот i павярнулася да мяне. На вочы ёй спадалi валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен i лёг побач. Было вельмi хораша. Нiбы жартам, я адкiнуў галаву назад i палажыў яе Мары на жывот. Яна нiчога не сказала, i я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакiтнае i залачонае сонцам. Патылiцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалi на бакене, у салодкай дрымоце. Калi сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, i я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талiю, i мы паплылi разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлi, яна сказала:

- Я загарэла болей за вас.

Я запытаўся, цi хоча яна ўвечары схадзiць у кiно. Яна зноў засмяялася i сказала, што было б няблага паглядзець якi-небудзь фiльм з Фернандэлем. Мы апранулiся. Яна вельмi здзiвiлася, калi ўбачыла на мне чорны гальштук, i спытала, цi ж то я не ў жалобе? Я сказаў, што ў мяне памерла мама. Яна пацiкавiлася - калi, i я адказаў:

- Учора пахавалi.

Яна крыху адхiснулася, але нiчога не сказала. Мне захацелася сказаць ёй, што я не вiнаваты, але я змаўчаў, бо ўспомнiў, што ўжо казаў гэта аднойчы патрону. Увогуле, гэта не мела нiякага сэнсу. Чалавек заўсёды ў нечым трошкi вiнаваты.

Увечары Мары пра ўсё забыла.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]