Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
36 из 109
Справа вось якая - маецца намер адкрыць у Парыжы фiлiял канторы, якi, непасрэдна на месцы, будзе кантактаваць з усiмi тамтэйшымi буйнымi фiрмамi. Дык вось - цi згодзен я туды паехаць? Жыць я буду ў Парыжы i, акрамя таго, - даволi часта змагу вандраваць.
- Вы малады, i вам, па-мойму, такое жыццё павiнна спадабацца.
Я сказаў - так яно так, але, па сутнасцi, мне ўсё роўна. Тады ён спытаўся - няўжо мне не цiкава змянiць жыццё? I я адказаў, што адно жыццё на другое не зменiш, дый, урэшце, усе яны аднолькавыя, а мне i з маiм тут зусiм няблага. Выгляд у патрона быў незадаволены, ён сказаў, што я заўжды ўхiляюся ад адказу i што ў мяне няма нiякага iмкнення да кар'еры, а гэта вельмi дрэнна, калi займаешся справай. Тады я вярнуўся ў кабiнет i зноў сеў за працу. Вядома, я не хацеў злаваць патрона, але мяняць жыццё ў мяне нiякай прычыны не было. Калi падумаць, я быў зусiм не няшчасны. Праўда, у студэнцкiя гады ў мяне былi розныя такiя iмкненнi. Але калi давялося кiнуць вучобу, я вельмi хутка зразумеў, што, па сутнасцi, ва ўсiм гэтым няма нiякага значэння.
Увечары прыйшла Мары i спытала, цi хачу я з ёй ажанiцца. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна i што, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Тады яна пацiкавiлася, цi кахаю я яе. Я адказаў, як ужо гаварыў аднойчы, што гэта не мае нiякага значэння, але, вядома, я яе не кахаю.
- Навошта тады ты збiраешся са мной ажанiцца? - спытала яна.
Я растлумачыў, што гэта не iграе нiякай ролi i, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца.
|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|