Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
52 из 109
Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усмiхаецца. Я счакаў. Сонца палiла шчокi, я адчуваў, як пот буйнымi кроплямi сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калi я хаваў маму, як i тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялi i шалёна пульсавалi. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкi i зрабiў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калi зраблю адзiн крок. Але я зрабiў гэты крок, адзiн толькi крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож i выставiў яго перада мной на сонцы. Прамень блiснуў па сталi i ўеўся мне ў лоб доўгiм iскрыстым лязом. У тое ж iмгненне пот рынуў з броваў, залiў павекi, захiнуў iх цёплай вiльготнай смугой. Вочы аслеплi пад салёным покрывам слёз. Я нiчога не адчуваў, адно сонца ў галаве бiла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клiнок рассякаў мае вейкi, працiнаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкi, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынiлася на ўсю шырыню i на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сцiснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухi аглушальны ўдар, i ўсё пачалося. Я скiнуў з сябе сонца i пот. I зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цiшу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслiвы.
|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|