Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 55 из 109

Вядома, я любiў маму, але гэта яшчэ нi пра што не гаворыць. Усе здаровыя людзi рана цi позна жадаюць смерцi тым, каго яны любяць. Тут адвакат перапынiў мяне i быў, здаецца, нечым вельмi ўсхваляваны. Ён прымусiў мяне паабяцаць, што я не скажу гэтага нi на судовым паседжаннi, нi ў следчага. Аднак я вырашыў растлумачыць: ад натуры я створаны так, што мае фiзiчныя патрэбы часта ўплываюць на мае пачуццi. А ў той дзень, калi я хаваў маму, я быў вельмi стомлены i хацеў спаць. I таму я не мог ясна ўсвядомiць, што адбываецца. Адзiнае, што я магу сказаць пэўна, дык гэта тое, што я палiчыў бы за лепшае, каб мама не памiрала. Адвакат, вiдаць, застаўся незадаволены. Ён сказаў:

- Гэтага недастаткова.

Ён задумаўся. I потым спытаў у мяне, цi можна яму будзе сказаць на судзе, што ў той дзень я намагаўся стрымаць свае сапраўдныя пачуццi. Я сказаў:

- Не, бо гэта няпраўда.

Ён зiрнуў на мяне неяк здзiўлена, нiбы я выклiкаў у яго агiду. I амаль са злосцю сказаў, што, ва ўсякiм выпадку, дырэктар i службоўцы з прытулку будуць выклiканы на працэс як сведкi, а "гэта можа зрабiць мне вельмi благую паслугу". Я заўважыў, што гэта гiсторыя не мае нiякага дачынення да маёй справы. Але ён адказаў, што я нiколi не сутыкаўся з правасуддзем i гэта вiдаць адразу.

Ён пайшоў раззлаваны. Я хацеў быў яго затрымаць, растлумачыць яму, што хачу ад яго спагады - не дзеля таго, каб ён абараняў мяне лепш, а проста так, як звычайна хочуць спагады ад кожнага чалавека. Тым больш што я бачыў, як ён хвалюецца праз мяне.

|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]