Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 56 из 109

Бачыў, што ён не можа мяне зразумець iтолькi злуецца. Я хацеў давесцi яму, што я такi самы, як i ўсе, абсалютна такi самы. Але я паленаваўся, бо падумаў, што, па сутнасцi, гэта не так ужо важна.

Праз некалькi дзён мяне зноў вадзiлi на допыт. Была другая гадзiна дня, i кабiнет гэтым разам быў залiты святлом, якое прабiвалася скрозь празрыстыя фiранкi. Было дужа горача. Следчы прапанаваў сесцi i вельмi абыходлiва паведамiў, што "ў сувязi з адной непрадугледжанай акалiчнасцю" мой адвакат прыйсцi сёння не можа. Але я маю права не адказваць на пытаннi i чакаць адваката. Я сказаў, што магу адказваць i адзiн. Тады следчы нацiснуў пальцам на кнопку на стале, i ў пакой увайшоў малады пiсар. Ён сеў у мяне амаль за самаю спiнай.

Мы ямчэй умасцiлiся ў фатэлях, i допыт пачаўся. Спачатку следчы сказаў, што ўсе, у каго ён нi пытаўся, апiсваюць мяне, як чалавека змрочнага i замкнёнага. Ён хацеў ведаць, што я сам думаю на гэты конт. Я адказаў:

- У мяне проста няма нiчога цiкавага расказаць. I таму я звычайна маўчу.

Як i на першым допыце, ён усмiхнуўся i пагадзiўся, што гэта сама лепшая прычына. I потым дадаў:

- Зрэшты, гэта абсалютна няважна.

Ён змоўк i зiрнуў на мяне, але раптам даволi рэзка выпрастаўся i скорагаворкай сказаў:

- Мяне цiкавiце вы, вы самi.

Я не вельмi зразумеў, што ён мае гэтым на ўвазе, i таму не адказаў.

- Сёе-тое ў вашых учынках мне застаецца яшчэ няясным, - дадаў ён. - Але я ўпэўнены, што вы дапаможаце мне зразумець гэта.

Я адказаў, што ўсё вельмi проста.

|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]