Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
57 из 109
Ён папрасiў мяне яшчэ раз з усiмi падрабязнасцямi апiсаць той дзень. I я зноў пералiчыў усё, што ўжо казаў яму мiнулы раз: Раймон, пляж, купанне, свара, зноў пляж, крынiчка, сонца i пяць стрэлаў з рэвальвера. Пасля кожнай фразы ён казаў: "Так, так". I калi я дайшоў да нерухомага цела на пяску, ён, нiбы ўхваляючы, сказаў: "Добра". Ужо каторы раз мне даводзiлася вось так паўтараць адну i тую ж гiсторыю, i, бадай, нiколi яшчэ я гэтак доўга не гаварыў.
Пасля некаторага маўчання ён падняўся i сказаў, што хоча мне дапамагчы - я яго зацiкавiў, i з Боскаю дапамогай ён што-небудзь зробiць дзеля мяне. Але раней ён хоча задаць мне некалькi пытанняў. I без усялякага пераходу ён раптам спытаў, цi любiў я маму. Я сказаў: "Але, як i ўсе". Пiсар, якi дагэтуль роўна стукаў на машынцы, чамусьцi зблытаўся - вiдаць, нацiснуў не на тую лiтару, i апошнiя словы яму давялося перадрукаваць. Зноў без усялякай вiдавочнай сувязi следчы запытаўся, цi страляў я з рэвальвера ўсе пяць разоў запар. Я трошкi падумаў i сказаў, што спачатку стрэлiў толькi адзiн раз, а праз некалькi секунд - яшчэ чатыры разы.
- Чаму памiж першым i другiм стрэламi вы зрабiлi паўзу? - запытаўся ён.
Я зноў убачыў перад сабой чырвоны пляж i адчуў, як сонца пячэ мне чало. Але нiчога не адказаў. Маё маўчанне, вiдаць, занепакоiла следчага. Ён сеў, раскудлачыў валасы i, абапершыся локцямi на стол, схiлiўся да мяне з нейкiм дзiўным выглядам:
- Чаму, чаму вы стралялi ў нерухомае цела?
Я зноў не здолеў яму адказаць.
|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|