Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
59 из 109
Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ўсе людзi вераць у Бога - нават тыя, хто адвярнуў ад яго свой твар. I ён упэўнены ў гэтым, упэўнены, i калi хоць раз яму давядзецца ў гэтым засумнявацца, яго жыццё страцiць усялякi сэнс.
- Няўжо, - закрычаў ён, - няўжо вы хочаце, каб маё жыццё не мела сэнсу?
На маю думку, гэта мяне не датычылася, i я так яму i сказаў. Але ён ужо перагнуўся цераз стол, падсунуў Хрыста пад самыя мае вочы i крычаў, як апантаны:
- Я хрысцiянiн! Я малю яго дараваць табе грахi твае! Як жа ты можаш не верыць, што ён пакутаваў дзеля цябе?
Я, вядома, заўважыў, што ён звяртаецца да мяне на "ты", але мне ўжо абрыдла яго слухаць. Гарачыня душыла ўсё мацней. I я зрабiў выгляд, нiбы згаджаюся, як раблю заўсёды, калi хачу пазбавiцца ад надакучлiвай размовы. На маё здзiўленне следчы шалёна ўзрадаваўся.
- Вось бачыш! Бачыш! - закрычаў ён. - Ты верыш у Бога! I цяпер ты адкрыеш перад iм сваю душу.
Зразумела, я яшчэ раз сказаў, што не. I ён зноў павалiўся ў фатэль.
Выгляд у яго быў змораны. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i толькi машынка дастуквала апошнiя словы з нашага дыялога. Потым следчы ўважлiва i крыху тужлiва зiрнуў на мяне. I прамармытаў:
- Нiколi яшчэ я не бачыў настолькi счарсцвелай душы, як ваша. Нiхто са злачынцаў, якiя прыходзiлi да мяне, не здолеў стрымаць сваiх слёз перад гэтым пакутным аблiччам.
Я хацеў адказаць, што можа яно i так, але ж тое былi злачынцы. Але адразу падумаў, што i я - такi самы. Я ўсё нiяк не мог прызвычаiцца да гэтае думкi. Тут следчы ўстаў, паказваючы, што допыт закончаны.
|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|