Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
83 из 109
Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявiць, што араб ненавiдзеў яго асаблiва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, цi не было ў ахвяры прычын ненавiдзець таксама i мяне. Раймон заявiў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў - як жа тады адбылося, што лiст, якi стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напiсаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявiў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гiсторыi. Цi выпадкова, што я не ўмяшаўся, калi Раймон даў поўху сваёй каханцы? Цi выпадкова, што я быў яго сведкам у камiсарыяце? I цi выпадкова, зноў жа, што сведчаннi, як гэта было выяўлена, я даў толькi са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацiкавiўся, на якiя сродкi Раймон жыве, i калi той адказаў: "Працую кладаўшчыком", - пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў, што - як гэта вядома ўсiм - сведка займаецца сутэнёрствам! А я - яго памагаты i сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нiзкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнiк у ёй - сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсцi ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але iх папрасiлi даць пракурору кончыць.
- Мне амаль няма чаго дадаць, - сказаў той i запытаўся ў Раймона: - Цi быў ён вашым сябрам?
- Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем.
Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.
- Так, - сказаў я.
|< Пред. 81 82 83 84 85 След. >|