Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 84 из 109



Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў:

- Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацiаддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне.

Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў:

- Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства?

У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi.

- Але! - голасна ўсклiкнуў ён. - Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы!

Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска.

На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым.

|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]