Чужаница (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 85 из 109

Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба надпортам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў.

IV

Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў:

- Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.

I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга.

|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]