Чужаница (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
86 из 109
Мяне,напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.
Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў:
- Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы.
Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай.
|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|