Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
11 из 19
Дару паставiў на стол дзве талеркi, паклаў вiдэльцы. Потым узяў мукi, алею, замясiў у мiсе i запалiў маленькую газавую плiтку. Пакуль праснак пёкся, ён пайшоў пад паветку, прынёс сыру, яек, смокваў i згушчанага малака. Праснак быў гатовы. Ён паклаў яго астыць на падаконнiк i падагрэў разведзенае вадой малако. Разбоўтваючы ў малацэ яйкi, ён выпадкова крануў рэвальвер, якi ляжаў у правай кiшэнi. Тады ён адставiў мiсу, прайшоў у класны пакой i засунуў рэвальвер у шуфляду пiсьмовага стала. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на дварэ пачынае цямнець. Ён запалiў святло i паклаў арабу яечнi. "Еш", - сказаў ён. Той узяў кавалак праснака, хацеў ужо есцi, але не стаў.
- А ты? - спытаўся ён.
- Еш. Я зараз таксама буду.
Тоўстыя вусны трошкi растулiлiся, араб вагаўся. Але нарэшце рашуча ўкусiў праснак.
Падсiлкаваўшыся, ён зноў глядзеў на настаўнiка.
- Гэта ты - суддзя?
- Не, ты ў мяне застанешся да заўтра.
- Чаму ты ясi са мной?
- Таму, што галодны.
Араб змоўк. Дару падняўся i выйшаў. Ён прынёс з-пад павецi раскладны ложак, паставiў яго перпендыкулярна да свайго, памiж сталом i грубкай. З вялiзнага чамадана, якi стаяў у куце замест палiцы пад розныя паперы, ён дастаў два прасцiрадлы i паслаў iх на прынесеным ложку. Потым выпрастаўся, адчуў, што цяпер можна адпачыць, i сеў на канапу. Усё было зроблена, усё было падрыхтавана. Заставалася адно: глядзець на араба. I ён глядзеў, намагаючыся ўявiць сабе яго твар у гневе. Яму гэта не ўдавалася.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|