Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
13 из 19
Урэшце ён толькi пацiснуў плячыма: з iм здаралася ўсякае, i калi спатрэбiцца, ён скруцiць гэтага араба ў абаранак. Ён мог назiраць за iм са свайго ложка i бачыў, як араб па-ранейшаму нерухома ляжыць на спiне i рэзкае святло б'е яму ў заплюшчаныя вочы. Дару патушыў лямпачку, i ўвесь пакой адразу патануў у сляпым чорным змроку. Але патроху ноч зноў ажыла за акном, дзе цiха плыло бяззорнае неба. Хутка настаўнiк разгледзеў распасцёртае побач цела араба. Той па-ранейшаму не варушыўся, але здавалася, што вочы ў яго расплюшчаныя. Лёгкi ветрык гуляў вакол школы. Мабыць, ён разгонiць хмары, i тады зноў вернецца сонца.
Уначы вецер памацнеў. Крыху паквакталi куры, потым сцiхлi. Араб павярнуўся на бок, спiнай да Дару, i настаўнiку здалося, што ён застагнаў. Дару пачаў прыслухоўвацца да яго дыхання, якое зрабiлася больш роўным i глыбокiм. Ён чуў яго блiзкi подых i мроiў, хоць так i не мог заснуць. Яго бянтэжыла прысутнасць гэтага араба ў пакоi, дзе вось ужо год ён спаў адзiн. Яна бянтэжыла яго i таму, што азначала пэўную еднасць з арыштантам, еднасць, якую ён не мог прыняць у гэтых абставiнах i якую добра ведаў. Людзi, якiм даводзiцца спаць у адным пакоi, салдаты цi вязнi, злучаюцца памiж сабою дзiўнаю, таямнiчаю сувяззю; скiнуўшы з сябе разам з вопраткай свае абарончыя даспехi i нягледзячы на ўсю сваю рознасць, яны нiбыта яднаюцца ў адзiнай спрадвечнай суполцы стомы i сну. Але Дару схамянуўся, яму не падабалася ўсё гэта глупства, трэба было спаць.
Але i трошкi пасля, калi араб ледзь прыкметна варухнуўся, настаўнiк яшчэ не спаў.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|