Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
12 из 19
Ён бачыў толькi яго цёмныя i адначасова блiскучыя вочы i вялiкi, нiбыта ў жывёлiны, рот.
- Чаму ты яго забiў? - спытаўся Дару i здзiвiўся варожасцi свайго голасу.
Араб адвёў вочы.
- Ён хацеў уцячы. Я пабег за iм.
Ён зноў зiрнуў на настаўнiка, i ў яго вачах можна было прачытаць нешта накшталт пакутлiвага пытання.
- Што цяпер са мной зробяць?
- Табе страшна?
Араб увесь напружыўся i зноў адвёў вочы.
- Ты шкадуеш, што забiў?
Араб зiрнуў на Дару, разявiўшы рот. Было вiдаць, што ён не разумее. Дару гэта пачынала злаваць. Але разам з тым ён адчуваў сябе неяк няёмка, ненатуральна, зацiснутым сваiм дзябёлым целам памiж двух ложкаў.
- Кладзiся, - нецярплiва сказаў ён. - Гэты ложак табе.
Араб не варухнуўся. Ён гукнуў Дару:
- Скажы...
Настаўнiк зiрнуў на яго.
- Жандар заўтра вернецца?
- Не ведаю.
- А ты пойдзеш з намi?
- Не ведаю. Чаму цябе гэта цiкавiць?
Вязень устаў i лёг проста на прасцiрадлы нагамi да акна. Святло ад лямпачкi бiла яму ў вочы, i ён iх адразу заплюшчыў.
- Чаму цябе гэта цiкавiць? - паўтарыў Дару, устаўшы з ложка.
Араб расплюшчыў вочы i глядзеў на яго, намагаючыся не мiргаць пад яркiм электрычным святлом.
- Хадзем з намi, - сказаў ён.
Была сярэдзiна ночы. Але Дару ўсё яшчэ не спаў. Перад тым як легчы ў ложак, ён цалкам раздзеўся, бо звычайна спаў голы. Аднак калi ён застаўся без вопраткi, яго чамусьцi апанавала нерашучасць. Ён адчуў сябе безабаронным, i яму захацелася адзецца зноў.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|