Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
7 из 19
Карацей, зарэзаў свайго брата, як авечку, ведаеш - так, нажом: ш-шах!..
Бальдучы зрабiў рух, нiбы праводзiць сабе лязом па горле, i гэта прыцягнула ўвагу араба, якi з трывогай зiрнуў на жандара. I раптам Дару апанаваў гнеў, ён ненавiдзеў гэтага араба, ён ненавiдзеў усiх людзей за iх агiдную злосць, за iх неспатольную лютасць, за iх прагу крывi.
Але на печы ў гатавальнiку зашумела вада. Дару налiў Бальдучы яшчэ шклянку, потым нерашуча спынiўся, гледзячы на араба, але налiў гарбаты i яму. Той пачаў пiць з ранейшаю прагай. Калi ён узняў рукi, крыссе халата трошкi разышлося, i Дару ўбачыў яго худыя i жылаватыя грудзi.
- Дзякуй табе, хлопча, - сказаў Бальдучы. - Ну, цяпер я пабег.
Ён устаў i рушыў да араба, выцягваючы з кiшэнi матузок.
- Што ты хочаш рабiць? - суха запытаўся Дару.
Бальдучы збянтэжана паказаў вяроўку.
- Не варта.
Стары жандар нерашуча сказаў:
- Як сабе хочаш. Але, спадзяюся, у цябе ёсць зброя?
- Паляўнiчая стрэльба.
- Дзе?
- У чамадане.
- Я б табе раiў трымаць яе побач з ложкам.
- Навошта? Мне няма чаго баяцца.
- Дурны ты, сынку? Калi яны ўздымуцца, лiтасцi нiкому не будзе: для iх мы ўсе аднаго поля ягадкi.
- Я абаранюся, у мяне будзе час, каб заўважыць iх яшчэ здалёк.
Бальдучы засмяяўся, але раптам яго яшчэ белыя зубы схавалiся за шчэццю вусоў.
- У цябе будзе час? Ну-ну. Што я i кажу. Ты заўсёды быў трошкi ненармальны. За гэта я цябе i люблю, мой сын быў такi самы.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|