Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
32 из 39
Ён заўважыў, што алкаголь выклiкае ў яго такi самы душэўны ўздым, якi ён адчуваў у днi сваёй плённай працы, у тыя днi, калi ён думаў над сваiмi карцiнамi з вялiкаю цеплынёй i замiлаваннем, параўнальным адно з яго любоўю да дзяцей. Пасля другой чаркi каньяку да яго вярталася гэта пранiклiвае хваляванне, i ён адчуваў сябе адначасова гаспадаром сусвету i яго слугой. На жаль, ён цешыўся гэтым пачуццём, склаўшы рукi, яно праходзiла марна, не ўвасабляючыся ў мастацкi твор. Але менавiта яно больш за ўсё наблiжалася да творчай радасцi, якая складала ўвесь сэнс яго жыцця, i цяпер ён доўгiмi гадзiнамi сядзеў у пракураных дымам i шумных закутках i аддаваўся марам.
Але ён цураўся тых кварталаў i кавярань, дзе можна было напаткаць мастакоў. Калi ж ён сустракаў знаёмага, якi пачынаў з iм гутарыць пра яго жывапiс, яго брала панiка. Яму хацелася ўцячы, знаёмы заўважаў гэта, i тады Ёна ўцякаў. Ён ведаў, што за спiнаю ў яго кажуць: "Ён лiчыць сябе за Рэмбрандта", i гэта яшчэ больш прыгнятала яго. Так цi iнакш, на яго твары ўжо не было ўсмешкi, i яго былыя сябры зрабiлi з гэтага дзiўную, але непазбежную выснову: "Калi ён не ўсмiхаецца, значыць, ён задаволены сабой". Ведаючы гэта, Ёна ўсё больш адасабляўся, пачаў скрытнiчаць. Калi ён уваходзiў у кавярню, яму досыць было адчуць, што нехта з прысутных яго пазнаў, як усярэдзiне ў яго ўсё халадзела. Нейкую секунду ён стаяў у поўнай бяссiльнасцi, ахоплены нейкiм незразумелым сумам, i намагаўся не выдаць свайго замяшання. Але раптам у iм абуджалася неадольная патрэба ў сяброўскай падтрымцы. Ён прыгадваў добрыя вочы Рато, рэзка паварочваўся i знiкаў.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|